Падвядзенне вынікаў раённага конкурсу "Кніга сваімі рукамі"

28 ліпеня 2017 года ў час правядзення рабочай нарады бібліятэкараў адбылося падвядзенне вынікаў раённага конкурсу "Кніга сваімі рукамі", прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадругавання. Конкурс праводзіўся па дзвюх намінацыях: "Зямля, што нам дадзена лёсам" (лепшае мастацкае афармленне кнігі краязнаўчага накірунку, створанай самастойна) і "Мая любімая казка" (лепшае мастацкае афармленне твораў дзіцячай літаратуры) 

У намінацыі "Зямля, што нам дадзена лёсам" першае месца  атрымала самаробная кніга, створаная калектывам Лужкаўскай бібліятэкі (загадчыца Ірына Машара), другое месца раздзялілі калектыў раённай бібліятэкі (загадчыца Таццяна Райчонак) і бібліятэкар Верацееўскай бібліятэкі Ларыса Мядзелец, трэцяе месца заслужана атрымала самаробная кніга бібліятэкара з Зоркаўскай бібліятэкі Святланы Сташкевіч. У гэтай жа намінацыі дыпломамі за ўдзел былі ўзнагароджаны бібліятэкары Алена Пагарэлава (Васюкоўская бібліятэка), Іна Суднік (Пашкоўская бібліятэка), Таццяна Хоміч (Германавіцкая бібліятэка) і бібліятэкары з Більдзюгскага і Іёдскага сельскіх Саветаў: Тамара Кавалёнак (Більдзюгская бібліятэка), Наталля Кандрацьева (Буеўшчынская бібліятэка), Алена Мядзелец (Каўшэлеўская бібліятэка) і Галіна Яблонская (Іёдская бібліятэка). 

У намінацыі "Мая любімая казка" першая месца заняла бібліятэкар Пялікаўскай бібліятэкі Наталля Другакова, другое - бібліятэкар Вялікасельскай бібліятэкі Ала Пугаўка. Вялікую дапамогу ў мастацкім афармленні самаробнай кнігі апошняй бібліятэкі аказаў загадчык Вялікасельскага сельскага клуба Аляксандр Бука, які таксама быў узнагароджаны дыпломам.

Трэба адзначыць, што  раённы конкурс стаў этапам абласной выставы-агляду самаробнай кнігі, прымеркаванай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства ў г.Полацку. Ад нашага раёна на суд абласнога журы накіраваны творчыя работы Лужкаўскай і Пялікаўскай бібліятэк.