Гутарка-роздум "СНІД - праблема свету"

Штогод у трэцюю нядзелю  мая адзначаецца Міжднародны дзень памяці людзей, памёршых ад СНІДу. Да гэтай  даты ў раённай бібліятэцы для вучняў 9-х класаў СШ № 1 была праведзена гутарка-роздум  “СНІД – праблема свету”.

          У пачатку сустрэчы яе вядучая паведаміла юнакам і дзяўчатам, што ўпершыню Дзень памяці людзей, памёршых ад СНІДу, быў адзначаны ў 1983 годзе ў амерыканскім Сан-Францыска. Мэта свята – ушанаваць памяць ахвяр СНІДУ, інфармаваць грамадства аб механізмах перадачы ВІЧ, метадах абароны ад інфекцыі і своечасовым дыягнаставанні хваробы.

          У 2017 годзе дэвізам дня памяці стаў заклік “Спынім СНІД разам”, які прапаноўвае далучыцца да масавага руху па ўсім свеце і палажыць канец эпідэміі ВІЧ-інфекцыі.  Для садзейнічання паспяховай прафілактыцы ВІЧ/СНІДу неабходна  надаваць  увагу даставернай інфармацыі па дадзенай праблеме і прадастаўленне магчымасці своечасовага тэсціравання на ВІЧ. Праверанай і надзейнай крыніцай у гэтым накірунку з’яўляецца Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Уся апошняя інфармацыя з гэтай крыніцы публікуецца на сайце aids.by.

          На сучасным этапе вялікую ролю ў справе  барацьбы з эпідэміяй ВІЧ і ў пераадольванні яе наступстваў адыгрывае праваслаўная царква, таму госцем сустрэчы з старшакласнікамі стаў  настаяцель храма Прачыстай Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Пётр Бараноўскі. Свяшчэннік зазначыў, што ўсведамляючы сваю адказнасць перад Богам і людзьмі, царква лічыць сваім першачарговым абавязкам духоўна-маральную ацэнку эпідэміі ВІЧ/СНІДу. Жывыя павінны задумацца, што эпідэмія СНІДу можа крануцца кожнага з нас – дарослага і дзіцяці, мужчыны і жанчыны, багатага і беднага, незалежна ад расавай прыналежнасці і веравызнання. Царква аказвае духоўную и малітвенную падтрымку людзям, якія жывуць з ВІЧ, і іх блізкім.

 

Свяшчэннаслужыцелі і прыхаджане моляцца за здароўе ўсіх ВІЧ-інфіцыраваных і за памін душ тых, хто памёр ад гэтага захворвання. Айцец Пётр звярнуў увагу на тое,  што ў трэцюю нядзелю мая, у Дзень памяці людзей, памёршых ад СНІДу, такія богаслужэнні праводзяцца ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.