Пісьменніца Людміла Ардынская падрыхтавала для дзяцей кніжку вершаў і казак "Белы бусел"

  •       У канцы лістапада ў дзіцячай бібліятэцы прайшло цікавае мерапрыемства, якое прысвячалася прэзентацыі макета будучай кнігі ўдзельніцы народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Людмілы Ардынскай пад назвай “Белы бусел”.

Многім шаркаўчанам вядома, што напісаннем твораў для дзіцячай аўдыторыі ў нас займаецца Ірына Тарбецкая. Але і Людміла Ардынская вырашыла не заставацца ў баку ад гэтай тэмы і сумесна з супрацоўнікамі раённай, дзіцячай і Радзюкоўскай бібліятэк прэзентавала макет будучай кнігі з вершамі, казкамі і апавяданнямі для маленькіх дзетак.

      Людміла Казіцкая, якая была вядучай мерапрыемства, па чарзе прадстаўляла слова выступоўцам, тым, хто зрабіў свой уклад у стварэнне макета будучай кнігі, і тым, хто сябруе з аўтарам. Сярод іх бібліятэкар Радзюкоўскай бібліятэкі Валянціна Абрамава. Дарэчы, яна займалася камп’ютарным наборам тэксту. Шмат цёплых слоў у адрас Людмілы Ардынскай выказала на прэзентацыі загадчыца Каўшэлеўскага Дома фальклору, удзельніца “Світанка” і яе сяброўка Надзея Вайцюль.

Выкладчык мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Крук таксама вырашыў не застацца ў баку ад удзелу ў стварэнні кнігі і аформіў вокладку зборніка дзіцячых твораў. А педагог гэтай жа ўстановы культуры Ала Міхайлава напісала музыку да “Калыханкі” Людмілы Ардынскай, якую выканала вучаніца ДШМ Валерыя Мышко.

      Асноўнымі гледачамі і ўдзельнікамі прэзентацыі сталі вучні СШ №1 гарадскога пасёлка разам з настаўніцай Аленай Стральчонак. Да таго ж школьнікі яшчэ сталі і аўтарамі малюнкаў да тых твораў Людмілы Ардынскай, што будуць змешчаны ў кнізе. А ў той дзень іх невялічкія мастацкія работы сталі афармленнем выставы і лагічным дапаўненнем да мерапрыемства.

— Спадзяёмся, што ў хуткім часе знойдуцца грашовыя сродкі на друкаванне маёй кнігі, — сказала аўтар Людміла Ардынская. — Бо напісаныя мной творы для дзяцей ужо даўно чакаюць сваіх чытачоў.

 

 Источник: www.klich.by

Оставить комментарий

Комментарии: 0