Свята-Успенскі храм - неад'емная частка гісторыі

      У нашым гарадскім пасёлку, як і ў любым іншым населеным пункце, ёсць месцы, без якіх немагчыма ўявіць  сабе жыццё шаркаўчан і іх гісторыю. У ліку такіх месцаў – Свята-Успенская царква – адзін з самых старэйшых праваслаўных храмаў у Віцебскай вобласці. Пабудаваная ў 1639 годзе ўладальнікам Шаркаўшчыны, канцлерам Вялікага княства Літоўскага Львом Сапегам , царква ніколі не закрывалася і ў ёй пастаянна праводзіліся богаслужэнні, незалежна ад розных палітычных і гістарычных падзей, што адбываліся ў краіне. Пра гэта і многае іншае калектыву бібліятэкараў нашага гарадскога пасёлка і ўдзельніцам клуба “Жаночы час” паведаміў у адзін з зімовых дзён прыхаджанін Свята-Успенскага храма і загадчык мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Фёдаравіч Крук, які і правёў для жанчын цікавую і пазнавальную экскурсію па тэрыторыі храма.

      Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы раёна не толькі дапамагаюць сваім чытачам максімальна хутка і своечасова зарыентавацца ў велізарнай колькасці літаратуры, што сёння выдаецца, але і самі праводзяць у бібліятэках раёна шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне новых чытачоў і павышэнне ролі кнігі ў жыцці людзей.Вывучэнне гісторыі роднага краю і знаёмства маладых людзей з падзеямі гістарычнага мінулага – таксама важны напрамак у рабоце сучасных бібліятэк. А таму экскурсія у Свята-Успенскі храм нашага гарадскога пасёлка для ўсіх прысутных стала важным этапам у вывучэнні гісторыі нашага Шаркаўшчынскага краю.

      У час экскурсіі Віктар Фёдаравіч Крук расказаў пра гісторыю храма, пра жыццё і дзейнасць яго заснавальніка – свяшчэннамучаніка  Канстанціна Жданава,  пад кіраўніцтвам якога ў 1908 годзе на месцы старога (будынак яго ўжо зусім быў  прыйшоў у заняпад) пачалося будаўніцтва новага Свята-Успенскага храма, які праваслаўныя веруючыя нашага гарадскога пасёлка наведваюць і зараз. Сёння ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы знаходзяцца мошчы двух Святых – Канстанціна Жданава і Манефы Гомельскай. Захавалася ў храме і некалькі старадаўніх ікон, перавезеных яшчэ з будынка старой царквы. Некаторыя з іх датуюцца 18-19 стагоддзем.

Удзельнікі экскурсіі

Оставить комментарий

Комментарии: 0